Рэзалюцыі, заявы і прэсавыя рэлізы па Беларусі

«Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма сучасных беларусаў»

2009-12-03 15:38 / Прэс-рэліз кампаніі БУДЗЬМА!
Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання «Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма сучасных беларусаў» адбылася ў гатэлі “Мінск” 2 снежня.

Перад 40 прадстаўнікамі прэсы і грамадскасці выступілі навуковыя кіраўнікі даследавання: кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўніца лабараторыі “НовАК” Надзея Яфімава і доктар паліталогіі, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Літва) Віталь Сіліцкі. Вёў прэзентацыю каардынатар замоўцы даследавання – агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” – Ігар Лялькоў.

Ва ўступнай прамове І. Лялькоў адзначыў: “Сёння мы прадставім вынікі сацыялагічнага даследавання, дзе галоўнай тэмай будзе нацыянальная ідэнтычнасць сучаснага беларуса, яго гістарычная памяць, нацыянальныя брэнды і “селебрыці”: каго беларусы больш паважаюць як з гісторыі, так і з сучаснасці, да каго хацелі б быць падобнымі”.

В. Сіліцкі: “Калі першая прэзентацыя была пабудаваная на моўнай сітуацыі ў краіне, то цяпер мы паспрабавалі асэнсаваць, як канцэптуалізуецца свядомасць беларусаў, змест сімвалаў, каштоўнасцяў, ідэалаў. Што сабою ўяўляе беларускі нацыятворчы прадукт, які змест культурнай дзейнасці беларусаў у вольны час”.

Як вызначылася, беларусамі як асобнай нацыяй з асобнай гісторыяй і культурай лічаць сябе 51,8%, аднак 41,9% прытрымліваюцца думкі, што ўваходзяць у склад трыадзінай славянскай нацыі: беларусы, украінцы, рускія.

Крыніцай паходжання беларускай дзяржаўнасці для большасці сучасных беларусаў з’яўляецца ВКЛ (38,1%), Полацкае і Тураўскае княства і БССР “набралі” адпаведна 17,7% і 12,4%, што значна пераважае адказы “Рэспубліка Беларусь” (9,2 %) і “БНР” (5 %).

Галоўным нацыянальным святам для 56,9% рэспандэнтаў апынулася 3 ліпеня, а для 21,8% – 9 мая. Зусім малая частка адзначыла, што галоўнае свята – гэта Новы год (4,5%) і 25 сакавіка (1,2%).

Што да нацыянальнай сімволікі, то 72,6% адказаў прыйшлося на чырвона-зялёны сцяг і герб РБ, 7,7% – на бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”, але “абодва ў роўнай ступені” адказалі 11,2%. Зусім не ведаюць і не вызначаюць для сябе нацыянальнай сімволікі Беларусі 8,2% апытаных.

У першую чаргу лічыць сябе беларусам, на думку рэспандэнтаў, можа той, хто “выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёю”, – так адказалі 41,3%, той, чые “бацькі беларусы” (34,1 %), “той, хто любіць Беларусь” (33,9%), што значна перавышае варыянт “той, хто мае беларускае грамадзянства”, як упэўненыя толькі 11,5%.

Архітэктурнымі сімваламі Беларусі суайчыннікі абралі Мірскі замак (17,7%) і Брэсцкую вежу (9,5%), пра Нацыянальную бібліятэку ўзгадалі ўсяго 5,7%.

Найлепшым творам беларускага аўтара большасць лічыць “Людзей на балоце” Івана Мележа. Але найлепшымі пісьменнікамі сталі Якуб Колас (28,2%) і Янка Купала (26,7%).
Паплаўская (8%) абагнала Ціхановіча (7,9%) і Дарафееву (7,6%) як найлепшая сучасная артыстка. Пры гэтым 34, 6% наогул не цікавяцца беларускай эстрадай і не змаглі назваць ніводнага імені. Лідэрамі па няведанні беларускай эстрады апынуліся Мінск і Гомель.

Найлепшым гуртом, як сведчыць апытанне, з’яўляюцца “Песняры”, якія набралі 39,8%. Пры гэтым, здавалася б, такі папулярны гурт як “Ляпис Трубецкой” набраў усяго 3,9%.

Самымі папулярнымі гістарычнымі дзеячамі сталі Францыск Скарына (24,9%), Пётр Машэраў (12,7%), Кастусь Каліноўскі (7,1%) і Ефрасіння Полацкая 4,1%.

Кампанію “Будзьма беларусамі!” ведае 6% рэспандэнтаў, што сведчыць аб сур’ёзнай папулярнасці, якую ўсяго за год, без магчымасці трапіць на тэлебачанне, набыла кампанія.

Як пажартаваў Ігар Лялькоў, “мы абагналі Ефрасінню Полацкую і зараз будзем працаваць так, каб быць на адным узроўні з “Сябрамі”.

Высновы з даследавання:
- У сучасным беларускім грамадстве адбылася “дэсаветызацыя” гістарычнага светапогляду. Яго можна назваць “пераходны вакуум” – гэта значыць адыход старых савецкіх сімвалаў, герояў, ідэяў, але неафармленне новых.

- Прыняцце дасавецкай мінуўшчыны ВКЛ (галоўны паспяховы брэнд апошніх 2 дзесяцігоддзяў) як гістарычнай прарадзімы не напоўненае зместам.

- Найбольш устойлівымі “побытавымі” брэндамі застаюцца брэнды, сфармуляваныя ў савецкія часы.

- Важнасць трывалай інфармацыйнай “раскруткі” брэндаў (прыклады – Скарына і Машэраў – праспекты і людзі).

- Неймаверная колькасць людзей (каля паловы) не здольная да змястоўнай сімвалічнай ідэнтыфікацыі беларускага сусвету.

- Паспяховасць лукашэнкаўскага рэбрэндынгу Беларусі на ўзроўні сімвалаў, але не зместу.

Сярод спевакоў:
- Нягледзячы на 75%-ю квоту на радыё і тэлебачанні для сучасных беларускіх спевакоў, у дзесятцы любімых выканаўцаў чацвёра – спевакі з савецкіх часоў.
- Амаль 40% не мае ніводнага любімага беларускага выканаўцы!
- Нізкі рэйтынг сучасных эстрадных выканаўцаў, “зорак”.
- Статус беларускамоўнай альтэрнатывы – маргінальны.

Сярод гуртоў:
- Дамінаванне савецкіх брэндаў.
- Бачная прысутнасць беларускамоўнай альтэрнатывы.
- Значна меншая частка, чым у  выпадку асобных спевакоў, не мае любімага беларускага гурта.

Прэзентацыя даследавання адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Прэс-сакратар кампаніі Арына Лісецкая
EN   BY   FR   RU

Прагляд архіваў
« Люты 2012  
Вс Пн Вт Ср Чт Пт Сб
      3 4
5 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29      


IPM Research Center http://research.by


Абвесткі
31.01.12

Швецкае агенцтва па міжнароднаму супрацоўніцтву (The Swedish International Development Cooperation Agency – SIDA) запрашае да ўдзелу ў Міжнародных навучальных праграмах, якія маюць стратэгічную значнасць для сацыяльна-эканамічнагя развіцця краіу удзельнікаў. Дакументы прымаюцца да 31 студзеня 2012 г.
19.02.12

Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» (Мінск, Беларусь) арганізуе паездку ў Брусель (Бельгія) для беларускіх спецыялістаў у галіне вышэйшай адукацыі па праграме: “Еўрасаюз і Беларусь: дзелімся досведам”. Падчас візіту беларускія спецыялісты атрымаюць магчымасць наладзіць кантакты з калегамі з вядучых ВНУ Бельгіі, сустрэцца са спецыялістамі, якія займаюцца пытаннямі супрацоўніцтва з Беларуссю ў Еўрапейскай камісіі, Знешнепалітычнай дыпламатычнай службе ЕС ды інш., а таксама ўзяць удзел у круглым стале, прысвечаным Балонскаму працэсу.

     Copyright © 2009 Office for Democratic Belarus, Brussels.