Валянціна Аксак
Ад раніцы людзі ідуць сёння на магілы сваіх продкаў, родных, сяброў. Кветкі, ручнікі і вяночкі прынясуць грамадскія актывісты да магілаў знаных суайчыннікаў, што адышлі ў вечнасць апошнім часам, - пісьменніка Кастуся Тарасава, актора Анатоля Жука, журналіста Альгерда Невяроўскага, перакладчыка і лінгвіста Уладзімера Шатона, палітоляга Аляксандра Патупы. І да вечара ня згаснуць зьнічы памяці на магілах, што ўжо сталі святымі для ўсіх беларусаў – Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Янкі Брыля. Запаляцца свечкі на безыменных магілах у Курапатах і іншых месцах масавых пахаванняў ахвяраў рэпрэсій.
Пра тое, як узнікла традыцыя адзначаць Радаўніцу, расказвае даследнік народнай культуры Янка Крук.
Карэспандэнтка: "Калі ўзнікла ў Беларусі традыцыя памінаць памёрлых у аўторак пасьля правадной нядзелі?"
Янка Крук: "Дакладна на гэтае пытанне вам ніхто не адкажа. Тое, што мы цяпер называем Радаўніца, адзначаецца на дзявяты дзень пасьля Вялікадня. Таму хутчэй за ўсё пасьля таго, як на нашых землях зьявіўся Вялікдзень, то і традыцыя гэтая ўзнікла памінаць менавіта на дзявяты дзень. Тое, што зьвязана з ушанаваньнем памяці памерлых, падпарадкоўваецца універсальнаму рытму народнай культуры. Мы называем яго так: 0-3-9-40. Таму менавіта тры дні сьвяткаваўся Вялікдзень, а на дзявяты дзень паміналіся продкі".
Карэспандэнтка: "Які рытуал памінання існаваў у старажытнасьці?"
Крук: "Фактычна ў нас да сёньняшняга часу захаваўся амаль нязьменным гэты рытуал яшчэ з дахрысьціянскіх часоў, можа быць за выключэньнем таго, што зьявілася чырвонае велікоднае яйка. А ўсё астатняе – як заўжды. Прыйсьці на магілы сваіх продкаў да распачынаньня цыклю земляробчых работ, навесці парадак, прыбраць магілкі, павесіць на крыжы знакі, якія адпавядалі таму, хто пад імі пахаваны: дзе дзяўчына – белы вяночак, дзе жанчына – фартушок, дзе мужчына – белы ручнік. Вось і ўсё".
Карэспандэнтка: "А як вы як спэцыяліст па народнай культуры ставіцеся да завядзёнкі апошняга часу пасля навядзення парадку там жа на магіле спраўляць трызну, якая часам перарастае ў вясёлую п'янку?"
Крук: "Заўсёды было так у розных куточках Беларусі. Прыходзілі, прыбіралі і непасрэдна проста на магіле, бо яна найвышэйшая частка, фактычна як у хаце стол, рассцілалі абрус, укленчвалі і клалі хто тры, хто сем рытуальных страваў. Гэта было печыва, яйка, хлеб, чарачка гарэлкі. У абавязковым парадку чарка гэтая была. Толькі як яе спажывалі? Сьмерць апошняга з радні разрывала радавое кола, і тады яго трэба было назад зьнітаваць. Вакол магілы зьбіралася ўся радзіна, бралі чарку, налівалі, аддавалі старэйшаму. Старэйшы па прынцыпе перш, чым сабе, памерламу, некалькі кропель адліваў на магілку, сярэднюю частачку выпіваў сам, а на дне пакідаў рэшту-слязу. Потым гэта чарка далівалася і перадавалася наступнаму па ўзросце. І так чарка ішла, пачынаючы ад самага старэйшага і да самага маладзейшага, каму можна было выпіць гэтыя трыццаць грамаў. Трыццаць – ня боль і ня менш. Такім чынам людзі гадзіну-другую ціхенька стаялі на каленях вакол магілкі апошняга пахаванага чалавека з радзіны, успаміналі добрымі словамі тых, хто некалі жыў на гэтай зямлі. Чарка рухалася па коле і сымбалічна паядноўвала, знітоўвала радзіну. Вось у чым быў сакральны сэнс гэтай чаркі і трызны".