
У Еўрасаюзе лічаць неабходным працягваць "вельмі складаны дыялог з Беларуссю", нягледзячы на цяжкасці. Такое меркаванне выказвалася падчас грамадскіх слуханняў па ўмовах збліжэння Беларусі і ЕС, якія 11 траўня ў Брусэлі правяла фракцыя сацыялістаў Еўрапарламента.
Як паведаміў еўрадэпутат Юстас Палецкіс, падчас слуханняў прадстаўнікі еўраструктур і беларускай грамадзянскай супольнасці крытыкавалі ўмовы, у якіх прайшла выбарчая кампанія па выбарах у мясцовыя саветы.
"Палітыка ізаляцыі сталася вынікам палітыкі беларускіх уладаў, але яна не прынесла ЕС чаканага выніку, вяртацца да яе было б памылкова", - цытуе Юстаса Палецкіса БелаПАН.
Па словах еўрадэпутата, дыялог "прыносіць плады". Палітык паказаў, што беларуская апазіцыя таксама адзначае, што "на высокіх пастах ёсць людзі, з якімі можна і трэба размаўляць".