
Беларусь — першая ў свеце па колькасьці Шэнгенскіх віз на чалавека. Дзе лягчэй за ўсё атрымаць візу, а куды лепей пашпарт не аддаваць? Дзе болей за ўсё выдаюць шматразовых віз, а хто скупіцца і на аднаразовыя?
Шэнгенская віза дазваляе вандраваць па Еўрапейскім Саюзе. Атрымаўшы, да прыкладу, эстонскую візу, беларус можа даехаць з ёй да Партугаліі. Але, каб займець візу, трэба папацець: каштуе яна не так мала (60 еўра). І перад тым, як плаціць, трэба давесці дыпламатам, што ёсць падставы для наведвання іх краіны (напрыклад, праз запрашэнне) і маецца дастатковая колькасць грошай на пражыванне
Гледзячы па ўсім, беларусы спраўляюцца з гэтай задачай на «выдатна». У дакрызысны 2010 год наша краіна заняла першае месца па колькасьці выдадзеных Шэнгенскіх візаў да аднаго жыхара краіны.
Еўрапейцы выдалі беларусам болей за 428 тысячаў візаў тыпу С (кароткатэрміновых, па якіх можна знаходзіцца ў ЕС ня болей за 90 дзён за паўгады). Для параўнання, індыйцы, якіх на свеце болей за мільярд, атрымалі каля 406 тысячаў Шэнгенскіх віз, а туркі, якіх у сем разоў болей за беларусаў — толькі 522 тысячы.
Пра гэта сведчаць дадзеныя Еўрапейскай камісіі, апублікаваныя на яе афіцыйным сайце.