Рэзалюцыі, заявы і прэсавыя рэлізы па Беларусі

Мінскі гарсуд пакінуў у сіле прыгавор Алесю Бяляцкаму

2012-01-24 16:10 / БелаПАН
http://www.frontlinedefenders.org/files/images/news/mashe01_0.jpgМінскі гарадскі суд 24 студзеня разгледзеў касацыйную скаргу праваабаронцы Алеся Бяляцкага на прыгавор, вынесены яму два месяцы таму судом Першамайскага раёна сталіцы. Бяляцкага ў суд не прывезлі. Зала пасяджэння запоўнена практычна ўся. Акрамя сваякоў Бяляцкага тут шмат журналістаў, грамадскіх актывістаў, замежных дыпламатаў. Фотакарэспандэнтам забаранілі весці здымкі.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі заявіў шэсць хадайніцтваў:

- выклікаць у суд Бяляцкага;

- запатрабаваць у арганізацый, з якімі супрацоўнічаў Бяляцкі, прычыны пераводу на яго рахунак грашовых сродкаў, а таксама высветліць, ці былі ў Бяляцкага дамоўленасці на выкананне пэўных дзеянняў з гэтымі сродкамі;

- прыкласці да матэрыялаў крымінальнай справы плацежныя даручэнні аб пераліку на рахунак суда Першамайскага раёна Мінска сумы ўрону, які нібыта нанёс Бяляцкі і які пагасілі на мінулым тыдні прадстаўнікі грамадскасці;

- прыкласці да справы копіі дакументаў аб набыцці Бяляцкім маёмасці;

- адкласці разгляд касацыйнай скаргі датуль, пакуль не будуць прадстаўлены дакументы пра рух грашовых сродкаў на рахунках Бяляцкага;

- адмяніць цяперашнюю меру стрымання Бяляцкаму — утрыманне пад вартай.

Трэцяе і чацвёртае хадайніцтвы адваката (аб прыкладанні плацежнага даручэння пра пералік сумы ўрону і копій дакументаў аб набыцці Бяляцкім маёмасці) суд задаволіў адразу. Для прыняцця рашэнняў па астатніх хадайніцтвах трое суддзяў выйшлі ў дарадчы пакой.

Вярнуўшыся, суд адхіліў чатыры хадайніцтвы. Затым пачаліся спрэчкі адваката і пракурора.

Адвакат падтрымаў касацыйную скаргу Бяляцкага. Лаеўскі заявіў, што не ўстаноўлены суб`екты даходу, а таксама характар і дамоўленасці Бяляцкага па атрыманні сродкаў. Такім чынам, выснова суда аб тым, што пералічаныя Бяляцкаму сумы з`яўляюцца яго ўзнагародай, няправільная.

Адвакат таксама адзначыў, што пры вынясенні прыгавору былі выкарыстаны недапушчальныя доказы і не даследаваны шэраг дакументаў, у прыватнасці ліст Міністэрства юстыцыі Літвы аб тым, што перададзеныя беларускаму боку звесткі пра банкаўскі рахунак Бяляцкага з`яўляюцца няправільнымі і несапраўднымі.

На гэтай падставе адвакат папрасіў прыгавор адмяніць, а крымінальную справу ў дачыненні да Бяляцкага — спыніць.

У сваю чаргу пракурор Кірыл Чубкавец заявіў, што суд даследаваў усе магчымыя доказы. Паводле яго слоў, Бяляцкі ведаў пра неабходнасць плаціць падаткі з атрыманых сум і свядома гэтага не рабіў. Таму, лічыць Чубкавец, касацыйная скарга Бяляцкага задавальненню не падлягае.

Суд пайшоў у дарадчы пакой для вынясення рашэння.

Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага, пакінуўшы ў сіле прыгавор суда Першамайскага раёна. Рашэнне судовай калегіі абвясціў суддзя Уладзімір Сцяпурка.

24 лістапада суд Першамайскага раёна прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Апрача таго, Бяляцкі павінен выплаціць дзяржаве ў якасці кампенсацыі 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (каля 90 тыс. долараў). У такую суму суд ацаніў "урон, нанесены злачынствам", і дзяржпошліну, якую павінен выплаціць абвінавачаны.

18 студзеня гэта сума была пералічана жонкай Бяляцкага Наталляй Пінчук на рахунак суда Першамайскага раёна. Грошы сабраны грамадскасцю з надзеяй на тое, што кампенсацыя ўрону паўплывае на рашэнне Мінгарсуда, які змякчыць прыгавор праваабаронцу.

Напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) накіраваў у Мінгарсуд экспертнае заключэнне па справе праваабаронцы. Заключэнне дадзена ў межах працэдуры amicus curiae, якая выкарыстоўваецца праваабаронцамі як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Такія даследаванні праваабарончыя арганізацыі практыкуюць як магчымасць выкласці суду сваё нейтральнае меркаванне.

"Лічым, што прыгавор незаконны і падлягае адмене, а справа — спыненню, — сказана ў заключэнні БХК. — Для прызнання Бяляцкага вінаватым ва ўчыненні гэтага злачынства неабходна было даказаць, што грашовыя сродкі, пералічаныя на яго рахункі, адкрытыя на тэрыторыі банкаў-нерэзідэнтаў, з`яўляюцца яго асабістым даходам, з якога ён павінен быў выплаціць падаходны падатак".

На думку праваабарончай арганізацыі, "у матэрыялах крымінальнай справы адсутнічаюць, а судом не здабыты доказы, якія бясспрэчна даказвалі б, што грашовыя сродкі, пералічаныя ахвяравальнікамі на рахункі Бяляцкага за мяжой, з`яўляюцца яго асабістым даходам". "Выснова суда аб тым, што згаданыя грашовыя сродкі з`яўляліся асабістым даходам Бяляцкага, заснаваныя на меркаваннях", — зазначае БХК.

БХК падкрэслівае, што, згодна з беларускім заканадаўствам, абвінаваўчы прыгавор не можа быць заснаваны на меркаваннях, а сумненні ў абгрунтаванасці выстаўленага абвінавачання тлумачацца на карысць абвінавачанага.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску 4 жніўня і адразу ж узяты пад варту. Падставай для крымінальнага пераследу сталі звесткі пра яго замежныя банкаўскія рахункі, перададзеныя ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і ў судзе заявіў, што яго крымінальная справа палітычна матываваная. Як патлумачыў праваабаронца, грошы, што паступалі на яго рахункі, выкарыстоўваліся ў якасці дапамогі для грамадзян Беларусі, чые правы былі парушаныя. Банкаўскія рахункі былі адкрытыя за мяжой, таму што беларускія ўлады неаднаразова адмаўлялі праваабаронцам у рэгістрацыі іх арганізацыі.

49-гадовы Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна. Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць яго палітзняволеным і патрабуюць ад афіцыйнага Мінска вызвалення праваабаронцы.
EN   BY   FR   RU

Прагляд архіваў
« Люты 2012  
Вс Пн Вт Ср Чт Пт Сб
      3 4
5 11
12 18
19 23 24 25
26 27 28 29      


IPM Research Center http://research.by


Абвесткі
31.01.12

Швецкае агенцтва па міжнароднаму супрацоўніцтву (The Swedish International Development Cooperation Agency – SIDA) запрашае да ўдзелу ў Міжнародных навучальных праграмах, якія маюць стратэгічную значнасць для сацыяльна-эканамічнагя развіцця краіу удзельнікаў. Дакументы прымаюцца да 31 студзеня 2012 г.
19.02.12

Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» (Мінск, Беларусь) арганізуе паездку ў Брусель (Бельгія) для беларускіх спецыялістаў у галіне вышэйшай адукацыі па праграме: “Еўрасаюз і Беларусь: дзелімся досведам”. Падчас візіту беларускія спецыялісты атрымаюць магчымасць наладзіць кантакты з калегамі з вядучых ВНУ Бельгіі, сустрэцца са спецыялістамі, якія займаюцца пытаннямі супрацоўніцтва з Беларуссю ў Еўрапейскай камісіі, Знешнепалітычнай дыпламатычнай службе ЕС ды інш., а таксама ўзяць удзел у круглым стале, прысвечаным Балонскаму працэсу.
30.06.12

Германскі Бундэстаг прапаноўвае Міжнародныя парламенцкія стыпендыі (IPS) і на 2013 год выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі. Гэта стыпендыя прадугледжана для ўладальнікаў дыпломаў вышэйшых навучальных устаноў, якія цікавяцца палітыкай і актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю, а таксама маюць вельмі добрыя веды нямецкай мовы. Стыпендыя ўключае расходы на праезд, пражыванне і медыцынскую страхоўку, а таксама штомесячную суму на харчаванне. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 30 чэрвеня 2012 г. у Пасольстве Германіі ў Мінску.

     Copyright © 2009 Office for Democratic Belarus, Brussels.