Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін у лякарні, а фінансавае становішча Дзядзькі Рыгора, скажам так, не найлепшае. Жыве Народны паэт на сціплую пенсію, а таму чакаць дапамогі зусім няма адкуль. За кнігі, якія выходзяць у Рыгора Барадуліна, выдавецтва расплочваецца з аўтарам не грашыма, а асобнікамі, якія дзесяткамі ляжаць дома ў паэта.
Сябры і прыхільнікі паэта прапануюць дабрачынную акцыю па продажы кніг, грошы з якіх пойдуць на лекаванне Рыгора Барадуліна.
Каб падтрымаць паэта, вырашана троху разгрузіць кватэру Барадуліна, а заадно папоўніць бібліятэкі чытачоў каштоўнымі кніжкамі з аўтографам Народнага паэта.
Сёння да продажу выстаўлены адзін лот:
- «Дажыць да зялёнай травы… Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960–2003)»
- Укладанне Сяргея Шапрана.
- Мяккая вокладка, 259 старонак, багата рэдкіх фотаздымкаў, аўтографы вершаў і лістоў.
Пачатковая цана — 12 тысяч рублёў (для тых, у каго болей няма). Калі хто можа ахвяраваць 20 тысяч і больш — вітаецца.
Усе кнігі Рыгор Барадулін падпіша персанальна.
Кнігі замаўляць на электронную адрэсу labadzenka@gmail.com.
Пазначыць: колькасць асобнікаў, памер ахвяравання, каму падпісаць, кантактны тэлефон.
Усе грошы ад продажу будуць перададзеныя Рыгору Барадуліну.
За два дні набралася сотня такіх ахвотных.
Людзі адгукнуліся на прапанову падтрымаць народнага паэта Рыгора Барадуліна, які зноў трапіў у бальніцу.
За першыя два дні каля сотні чалавек абвясьцілі праз электронную пошту пра жаданьне ахвяраваць на Барадуліна. Да прыкладу, адна пэнсіянэрка прапанавала сто тысяч рублёў. Грамадзянін Польшчы прапанаваў 100 эўра за дзьве кнігі. У асноўным людзі прапануюць ад 50 да 100 тысяч рублёў. За дзень сума склала два мільёны.
Ужо ня першы раз Рыгор Барадулін трапляе ў шпіталь. Трэба лекі, трэба адпачынак. Сьціплая пэнсія паэта абмяжоўвае старога чалавека...
Глеб Лабадзенка просіць дасылаць замовы на свой электронны адрас labadzenka@gmail.com. Трэба пазначаць, колькі трэба кніжак і колькі адрасат пералічыць за гэта грошай. Глеб прыносіць кнігі ў лякарню, Барадулін іх падпісвае, і Глеб дастаўляе творы тым, хто зрабіў заказ.